06 / 07 / 2016
- Навiны
- Адукацыя і грамадства
- Выставы і семінары
У БРЭСЦЕ ПРАЙШЛА КАНФЕРЭНЦЫЯ «МУЛЬТЫКАМФОРТНЫ ДОМ IЗОВЕР- 2016»
(па выніках правядзення міжнароднага конкурсу)
5 ліпеня ў канферэнц-зале Брэсцкага гарвыканкама адбылася канферэнцыя па выніках міжнароднага архітэктурнага конкурсу «Мультыкамфортны дом Ізовер», якая сабрала ўсіх зацікаўленых тэмай мультыкамфортнага домабудавання.
Канцэпцыя «Мультыкамфортны дом» адпавядае ўсім прынцыпам, пакладзеным у аснову Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 года. Яна прадугледжвае праектаванне і будаўніцтва будынкаў, якія ў працэсе эксплуатацыі забяспечваюць разумны расход энергарэсурсаў, ствараюць здаровы мікраклімат для сваіх насельнікаў пры мінімальным уздзеянні на навакольнае асяроддзе.
Удзельнікаў мерапрыемства вітаў намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Якубоўскі, які курыруе пытанні горадабудаўнічага комплексу. Ён адзначыў практычную значнасць канферэнцыі, якая заклікана дапамагчы маладым спецыялістам атрымаць адказы на актуальныя пытанні ўкаранення мультыкамфортнага жылля ў гарадскую прастору.
Алена Шыянок, генеральны дырэктар кампаніі «Сэн-Габэн Будаўнічая Прадукцыя Белрус», прэзентавала ідэю мультыкамфортнасцi, распавяла пра галоўныя крытэрыi, якім адпавядае мультыкамфортны дом. Гэтак жа яна пазнаёміла ўдзельнікаў з тэхналогіямі на прыкладзе пілотных праектаў, рэальна пабудаваных па ўсім свеце (Германія, Аўстрыя, Японія, Беларусь, Румынія, Польшча). Мультыкамфортны дом у Дзяржынску, пабудаваны ў 2012 годзе, - гонар кампаніі. Гэта першы падобны праект на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама Мікалай Уласюк распавёў пра сусветныя тэндэнцыі і сучасных падыходах у праектаванні гарадскога асяроддзя. Удзельнікі канферэнцыі даведаліся аб праектах, дзе ўжо ужыты тэхналогіі мультыкамфортнасцi. Прыемна, што Брэст не адстае ад сусветных тэндэнцый. Распрацаваны дэталёвы план забудовы мікрараёна Бярозаўка. Праводзіцца практычная праца па ўкараненні ў гэты план сучасных падыходаў, у тым ліку - тэхналогіі мультыкамфортнасцi.
Студэнты БрДТУ, фіналісты міжнароднага конкурсу Данііл Чаратовiч, Давід Цыбикаў, Джонатан Карпіцкі, якія атрымалі спецыяльны прыз журы, яшчэ раз змаглі прэзентаваць свой праект для шырокай публікі. У гэты раз хлопцы выступалі спакойна, без жорсткіх абмежаванняў па часе (на конкурсе ўсе ўдзельнікі строга абмяжоўваліся 5 хвілінамі).
Працягнула тэму сусветных падыходаў у праектаванні гарадскога прасторы і асяроддзя Таццяна Панчанка, загадчыца кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка БрДТУ. У 2016 годзе гэты конкурс з'яўляецца для Беларусі унікальнай падзеяй, паколькі ўпершыню за 12 гадоў яго правядзення міжнародны фінал адбыўся ў Мінску, а ў якасці аб'екта для задання выбраны праект у горадзе Брэсце - энергаэфектыўная комплексная забудова жылога квартала «Чырвоны Двор». І выкладчыкам, і студэнтам было цікава даведацца, як убачылі гэты квартал ўдзельнікі конкурсу з 23 краін, наколькі яны змаглі ўлічыць ў сваіх праектах нашы погляды і традыцыі.
Tags: